Валанцёры ўстаноў адукацыі нашага раёна прынялі ўдзел у акцыі "ДарогаДабрыні: дапамога на колах!”
Дапамога, падтрымка, клопат – гэтыя словы саграваюць душу, нагадваюць пра тое, што ў нашым свеце засталося месца для дабрыні і чуласці. Ёсць асобныя катэгорыі людзей, якія асабліва патрабуюць увагі, дапамогі, ветлага слова. Гэта людзі сталага веку і дзеці. У межах рэспубліканскай дабрачыннай акцыі "ДарогаДабрыні: дапамога на колах!” Ва ўстановах адукацыі нашага раёна былі арганізаваны пункты збору гуманітарнай дапамогі. Усе жадаючыя маглі прынесці сродкі асабістай гігіены, канцылярскія прылады, сродкі для дапамогі жывёлам. Навучэнцы і іх педагогі актыўна адгукнуліся на такую ініцыятыву. У выніку было сабрана некалькі скрыняў з неабходнымі рэчамі.
Цёплай кастрычніцкай раніцай члены Моладзевага парламента і БРПА сабраліся разам, кааб даставіць рэчы да адрасатаў. Першым пунктам для наведвання стаў Ашмянскі сацыяльна-педагагічны цэнтр, які юныя валанцёры наведалі разам з Ірынай Буйніцкай, дырэктарам цэнтра творчасці. Выхаванцы ўстановы з радасцю віталі гасцей, дзякавалі ім за дапамогу. Наступнай кропкай дарогі Дабрыні стаў аграгарадок Жупраны. Тут валанцёры наведалі аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў. Яны завіталі з падарункамі і шчырымі ўсмешкамі, падняўшы тым самым настрой пажылым людзям.
Дабрачынная акцыя стала добрай нагодай далучыцца да высакароднай справы, адчуць уласную адказнасць за тых, хто асабліва патрабуе клопату і дапамогі, а таксама ўбачыць значнасць валанцёрскай дзейнасці.